Dec 4, 2015

Мысленне - гэта разрыў у быцці, які паступова запаўняецца мовай

Размова з Паўлам Баркоўскім напярэдадні адкрытай лекцыі "Крытыка эмацыйнага розуму"

Павел Баркоўскі: Калісьці напрыканцы  XIX ст. выбітны нямецкі мысляр Фрыдрых Ніцшэ паставіў дыягназ еўрапейскай культуры, сказаўшы, што яна пайшла хібным шляхам, бо цалкам страціла эмоцыі і пачуцці. Тое, пра што ты будзеш казаць у лекцыі, – гэта працяг cказанага Ніцшэ ці нешта адваротнае?

Міхаіл Баярын: Ёсць даўняя барацьба, супрацьстаянне паміж розумам і пачуццямі. Пачуцці авалодваюць розумам, а розум  імкнецца ўзяць пачуцці пад сваю ўладу. Філасофія так ці інакш заўжды іграла на баку розуму. І хаця мэтай заўжды быў пераўзыход пачуццяў, стратэгіі яго дасягенння былі рознымі.

Я буду казаць пра два запаветы пераўзыходу пачуццяў у філасофскай традыцыі свету: аскетычны і містэрыяльны. Першы з іх – гэта запавет пераўзыходжання пачуццяў праз іх зраўнанне. Розум мае стаць вышэй за пачуцці, зраўнаўшы іх. Такім чынам ён падначаліць іх, дасягнуўшы бясстрасця і спакою. Найбольш яскрава гэты запавет выражаны ў старажытна-індыйскай філасофіі йогі.

Другі запавет мае наўвеце трансфармацыю пачуццяў у існасць іншага, вышэйшага парадку алхімічным шляхам эмацыйнай містэрыі. Гэты запавет бярэ пачатак у дыянісійскіх і элеўсінскіх містэрыях. У індыскай традыцыі ён мае пэўны адпаведнік у тантрычных практыках.

Ніцшэ ў гісторыі еўрапейскай філасофіі быў якраз тым, хто ўзнавіў гэты дыянісійскі, містэрыяльны запавет. Ягонае мысленне – гэта свядомы тэатр эмоцый. З аднаго боку, яго філасофія ўпершыню грае на баку пачуццяў. З другога боку, яна ў той жа час грае і супраць пачуццяў - бо мараль, дабро і зло - гэта эмацыйныя катэгорыі.

П.Б Добра, а якая эмоцыя зараз штурхае цябе разбірацца з эмоцыямі?

М.Б Мая эмоцыя ў філасофііі - гэта геданізм, эмоцыя асалоды і шчасця. Філасофскае мысленне прыносіць асалоду, недасяжную іншым чынам. Калі ў музыцы мяне захапляе эмоцыя адвагі, то мысленне і паэзія зыходзіць толькі з перапаўнення, пачуцця збытку, быцця на версе быцця.

П.Б Хацелася б пачуць ад цябе кароткую рэмарку ці вызначэнне таго, што для цябе зараз мысленне – гэта больш Эмоцыя? Рацыо, Логас?

М.Б Шчыра кажучы, я бы не сказаў, што займаюся менавіта мысленнем. Сам гэты механічны працэс розумазаключэнняў для мяне не з’яўляецца ні мэтай, ні каштоўнасцю. Тое, што стаіць перад мысленнем і пасля яго, з чаго яно паўстае і ўва што вынікае, - гэта для мяне сапраўды каштоўна.

Мысленне - гэта разрыў у быцці, які паступова запаўняецца мовай. Я гляджу на ўсім вядомую відавочнасць - напрыклад, на эмоцыі - пакуль у ёй не ўтвараецца разрыў. Ён запаўняецца пытаннямі і адказамі, і ў выніку ўзнікае новае, тое, чаго тут раней не было, ніяк не абумоўленае наваколлем. Эмоцыі безумоўна стаяць перад мысленнем і пасля яго, гэта намер, з якім думаецца кожная думка, робіцца кожны ўчынак, гэта тое, чым яны пасля тлумачацца і разумеюцца.

П.Б Ці можна так казаць, што цябе больш хвалюе прагматыка дзеянняў? Ці нешта іншае?

М.Б Мяне, безумоўна, хвалюе праграматыка, але ў асаблівым мэтафізічным сэнсе. Тэорыя сэнсу, якую я распрацоўваю – актыка -  гэта тэорыя дзеяння. Аднак, тут яно паўстае не ў звыклым сэнсе, як нешта, на што можна "паказаць пальцам". Гэта якраз тое, на што "паказаць пальцам" нельга. Мы звычайна блытаем дзеянне і яго малюнак, рух і ягоную выяву. Эмоцыя, дарэчы, па-лацінску якраз і азначае "вырух" - тое, з чаго ўзнікае рух.

П.Б У еўрапейскай традыцыі так склалася, што, калі мы кажам пра дзеянне, мы звычайна маем на ўвазе нейкі інтэлектуальны план, які яму папярэднічае. То бок за кожным дзеяннем стаіць думка, мысленне, а дзеянне – гэта вынік, плён гэтай думкі: чалавек нешта задумаў – чалавек нешта зрабіў. Ты аспрэчваеш гэтую паслядоўнасць?

М.Б Ёсць два асноўныя гледзішчы на дзеянне. Паводле першага - дзеянне ўтвараецца яго ўдзельнікамі, гэта тое, што ўзнікае паміж, напрыклад, суб'ектам і аб'ектам. Розныя дзеянні такім чынам - гэта проста розная камбінацыя ўдзельнікаў. Паводле другога - якраз дзеянне ўтварае сваіх удзельнікаў, і суб'ект і аб'ект, і ўсе іншыя катэгорыі.

З майго гледзішча, дзеянне - гэта падставовая катэгорыя, за якой нічога не стаіць, толькі разрыў у першаснай паўнаце, які яго спараджае. Дзеянне першаснае і чыстае. Гэта з яго паходзіць усё астатняе. Яно адпачатку не мае ні мэты, ні прычыны, бо прычына і мэта - гэта толькі тое, што яно ўтварае. Гэта рух утварае супрацьлегласці, адкуль і куды. Гэты чысты рух пераўтвараецца далей ува ўсё.

П.Б Але, магчыма, у тваім разуменні дзеянне ўтрымлівае і момант мыслення ці не?

М.Б Мысленне – гэта пэўная лінгвістычная механіка. Перад тым як з’явіцца мысленне, павінна яшчэ з’явіцца мова. Ад з‘яўлення дзеяння да з’яўлення мовы трэба яшчэ прайсці вельмі вялікую адлегласць. І гэтая адлегласць не лінейная – яна шматузроўневая і іерархічная, вельмі складана арганізаваная. Мысленне не перад мовай, а пасля яе. Мова, у прынцыпе, можа ўзнікнуць і без мыслення, а мысленне без мовы ўзнікнуць не можа.

П.Б А калі ўсё ж такі не мысленне, не нейкі інтэлектуальны план, што тады наогул можа спараджаць дзеянне? Ці яно паўстае зусім спантанна і выпадкова?

М.Б У чалавечым свеце  -  адно дзеянне спараджае другое дзеянне. А вось што спараджае першае дзеянне – гэта вялікая загадка мэтафізікі, прычына ўсіх прычын, першы рухавік, пачатак усіх пачаткаў. Нашае мысленне ўлады над ім не мае. Гэта зваротная праекцыя розуму, у яго межах існуюць прычына і наступства - і лінгвістычна нішто не замінае запытацца пра прычыну і наступства розуму.

Мы спрабуем нечым абмежаваным пакрыць бязмежнае. І тут не знаходзім іншай мэтафары за эмоцыю. Мы пытаем: як узнікла ўсё, калі нічога не было? - І адказваем: захацела і ўзнікла. І гэта зусім не выпадкова, што мы размяшчаем пачуцці ў пачатак мэтафізікі і тэалогіі. Што ўнізе, тое і ўверсе. Калі тут усё пачынаецца з эмоцыі, то і там адбываецца тое самае.

Эмацыйны розум мысліць эмацыйна. Старагрэцкія багі - гэта ўвасобленыя пачуцці. На пачатку мэтафізікі Платона ёсць ідэя Дабра. А еўрапейскі хрысціянскі Бог, як вядома, - гэта Любоў, галоўнае пачуццё. Нам жа немагчыма ўявіць сабе неэмацыйнае Дабро, неэмацыйную Любоў.

П.Б Наколькі я разумеў цябе раней, у чалавечым вымярэнні дзеянне так ці інакш павінна суправаджацца, калі не мысленнем, то нейкай базавай эмоцыяй, якая гэтае дзеянне вызначае пэўным чынам…

М.Б Мы практычна не можам знайсці нічога чалавечага, што б не было агорнута эмоцыяй. А калі мы знаходзім такое, то не лічым гэта вышэйшым за эмоцыі. Бо ўласна лічыць вышэйшым - гэта само па сабе эмоцыя.

Мы па-сутнасці стварылі штучнае мысленне, якое падставова не з'яўляецца эмацыйным - гэта працэсар. Але якраз таму, што ён не здольны на эмоцыі, мы лічым яго не вышэйшым, а ніжэйшым за эмацыйны розум. Гэта цяпер фундаментальная задача - як навучыць штучны розум адчуваць эмоцыі і прыгэтым не проста сімуляваць іх. Як стварыць эмацыйны працэсар. То бок, калі мы нарэшце атрымалі цалкам неэмацыйны розум, нібыта пераўзыйшлі пачуцці - ён падаўся нам не вышэйшым, а ніжэйшым за чалавека.

Чалавечы розум - гэта ў прынцыпе эмацыйны розум. Праблема ў тым, што разам з запаветамі пераўзыходу пачуццяў мы ўспадкавалі і знявагу да пачуццяў. Сама па сабе пастаноўка розуму вышэй за пачуцці, пагарда да пачуццяў - гэта эмоцыя. Лічыць адны пачуцці, напрыклад, цвердыя і мужныя лепшымі за іншыя, напрыклад, мяккія і пяшчотныя, абражаць іх розным чынам - гэта ўсяго толькі эмоцыі. Кожная прыстаўка "усяго толькі", "проста" да любога іншага слова - ні што іншае як эмоцыя. Мы лічым, што адны эмоцыі лепшыя за іншыя, але ўсё гэта адбывааецца на адным узроўні.

П.Б А хіба псіхааналітыкі не навучылі нас наадварот – прыслухоўвацца да кожнай сваёй эмоцыі, пеставаць у сабе нейкія свае комплексы, розныя памкненні? Хіба гэта не ёсць зваротам да эмоцыі ў ХХ стагоддзі?

М.Б Я бы не сказаў, што псіхааналіз насамрэч звяртаецца да эмоцый. Шчыра кажучы, я нават не магу зараз прыгадаць нейкую плынь псіхалогіі, якая б насмрэч займалася менавіта эмоцыямі. Не як вынікам пэўных цялесных зменаў, а як падставовай мовай псіхікі. Калі ўявіць псіхіку як тэатр пачуццяў, у выніку можа з'явіцца зусім іншая тэрапія.

У аснове кітайскай мэдыцыны, напрыклад, знаходзіцца канцэпцыя пяці першаэлементаў, якія бясконца спараджаюць і знішчаюць адно аднаго. Кітайскі медык выбудоўвае стратэгію лекавання, маючы на ўвазе правілы гэтай мовы. Гэтаксама можна працаваць і з эмоцыямі, яны гэтаксама спараджаюць іншыя эмоцыі і знішчаюць іх.

П.Б Твой праект апошняга часу, пра які ты ўзгадваў, – актыка, тэорыя дзеянняў – мае сваім развіццём новую тэорыю маўлення – Свамову. Яны маюць на ўвазе таксама выхад на новую спробу сімвалічна- семантычнага апісання свету дзеля выражэння ў тым ліку эмоцыяй, а не толькі нейкіх інтэлектуальных, мысленчых здабыткаў? Ці гэта цалкам не звязаныя для цябе праекты?

М.Б Свамова – гэта не тэорыя маўлення, гэта новы ідэал беларускай мовы,  які мы прапануем беларускай культуры замест мадэрнага ідэалу мовы літаратурнай. Ёсць пэўнае застыванне энергіі ў нашай культуры, мове, мастацтве, палітыцы. У яго аснове - пэўны крызіс нацыяналізму. Перш за ўсё, гэта звязана з тым, што мы пераблыталі нацыяналізм і еўрапеізм, паставіўшы паміж імі знак роўнасці.

Аснову нацыяналізму складае падставовая эмоцыя самастойнасці, суб'ектнасці народу. А ідэалогія еўрапеізму - гэта прыняцце зверхнасці еўрапейскіх стандартаў. Паставіўшы паміж імі знак роўнасці мы губляем суб'ектнасць. Нас пакідае энергія самастойнасці і чакае заўчасная старасць.

Нам зараз перадусім неабходна вялікая ін'екцыя эмоцыі самасці. Свамова - гэта і ёсць эмоцыя самастойнасці ў мове, гэта ідэя чыстай беларускай мовы, якая зыходзіць сама з сябе, будуецца на аснове ўласнай граматыкі, а не на лацінскім стандарце. Гэта, з аднаго боку, кульмінацыя традыцыі беларускага моўнага пурызму, а з другога - яго пераўзыходжанне.

No comments:

Post a Comment